Літаратурная карта Пухавіччыны

На Пухавіччыну і ў Мар’іну Горку, у розныя гады лёс прыводзіў многіх і многіх літаратараў.

_1

У трыццатыя гады ў раённым цэнтры знаходзіўся дом творчасці пісьменнікаў “Пухавічы” (зараз на яго тэрыторыі працуе аднайменны абласны дзіцячы санаторый). Бывалі ў ім Якуб Колас і Янка Купала, шмат хто з масцітых і маладых. У доме творчасці быў арыштаваны Мікола Хведаровіч – беларускі пісьменнік, перакладчык, які перакладаў на беларускую мову творы А.С. Пушкіна, Ш.Петэфі, раманы А.Фадзеева і інш .

У Мар’інай Горцы зараз выходзіць раённая газета “Пухавіцкія навіны” (яшчэ нядаўна яна называлася “Сцяг працы). А да вайны зусім інакш – “За калгасы”. Дык вось, адказным сакратаром у ёй і працаваў Антон Бялевіч, пачынаючы з 1935 года. Праўда, хутка разам з усім штатам рэдакцыі, быў звольнены. Прычына: газетай кіравалі нібыта  ворагі савецкай улады. Пашчасціла – не пасадзілі. Нейкі час А.Бялевіч працаваў кладаўшчыком у райпрамкамбінаце.

У Мар’інагорскай сярэдняй школе, якая мае зараз №2 , настаўнічаў паэт Янка Нечапаловіч (з 1939 па 1941 гады). Відаць, да самага пачатку вайны, бо ў гады акупацыі літаратар – сувязны партызанскай брыгады імя С.М. Кірава. Яна дзейнічала і на Пухаўшчыне.

Давайце пададзімся ў бок Магілёўшчыны. Калі рухацца па чыгунцы на электрычцы – і вы ў Тальцы. Так, у той Тальцы, дзе адпачываў Колас. Амаль што ніколі не згадваецца пра тое, што ў час вайны ў Тальцы жыла разам з сынам вядомая літаратуразнаўца, крытык Ларыса Кароткая, маці Варлена Бечыка, беларускага літаратуразнаўца. Яго літаратурна-крытычнымі  кнігамі аб жыцці і творчасці нашых вядомых пісьменнікаў і паэтаў на працягу многіх гадоў карысталіся нашы карыстальнікі. У гады вайны маці Варлена Бечыка - Ларыса Кароткая - была партызанскай сувязной, пра Пухаўшчыну-партызанку засталіся яе ўспаміны. Талька засталася і ў дзённіках Варлена Бечыка: “ І снілася мне ноччу талькаўская Кепціха з трыма дзецьмі-сіратамі. І плакаў я ў сне, і стаяла перад вачыма яе гаротная хата. Трэба напісаць Колю Трызне і папрасіць, каб пра яе – ці жыве? – мне расказаў”.

Ужо пасля вайны  (з 1946 па 1947 г. ) настаўнікам, загадчыкам навучальнай часткі Талькаўскай сярэдняй школы працаваў Алесь Макарэвіч, крытык, літаратуразнаўца, кандыдат  філалагічных навук, аўтар кніг “Сатыра Кандрата Крапівы”, “Ад песень і думак народных”, “Кароткі літаратурны слоўнік” і інш. А нарадзіўся крытык 30 жніўня 1918 г.  на Пухавіччыне  - у вёсцы Шэлегі.

Адарваўшыся ад чыгункі, возьмем лявей, пяройдзем праз лес да шашы, што вядзе з Мінска на Бабруйск. І пойдзем далей у лес. Багатыя, цікавыя, адметныя тапонімы ў назвах тамтэйшых вёсак. Французская Грэбля, Зафранцузская Грэбля, Падкоссе, Снусцік, Ізабалёва... Вось у Снусціку і нарадзіўся празаік Сымон Хурсік (13 лютага 1902 года). Аўтар зборнікаў апавяданняў “Першы паўстанак”, “Шляхамі навальніц”, “Чорны мост”. У 1931 годзе Хурсіка рэпрэсіравалі. На Беларусь ён не вярнуўся  нават пасля рэабілітацыі.

Ізабалёва – радзіма крытыка, краязнаўца, мастацтвазнаўца Міколы Каспяровіча. Вядомы многімі і многімі працамі па краязнаўству. У 1930 годзе Мікалая Іванавіча абвінавацілі ва ўдзеле ў “кантррэвалюцыйнай арганізацыі”. У 1937 годзе расстралялі.

Многія пісьменнікі ў сваіх творах апісвалі раку Свіслач, праніклівыя словы аб якой сустракаюцца ў творах самых розных жанраў пісьменнікаў Фёдара Янкоўскага, Алеся Бачылы, Кастуся Кірэенкі, Таісы Бондар і інш.

2

Не аднойчы  на Пухавіччыну наведваўся і народны пісьменнік Беларусі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў. Ля Свіслачы, на блужскай зямлі, было і лецішча пісьменніка. Часта пісьменнік прыязджаў і ў Блонь, падружыў з краязнаўчым музеем Іван Гаўрылавіч і вядомага беларускага мастака Аляксея Марачкіна.

Сталым вандроўнікам па Свіслачы – і па пухавіцкіх яе вёрстах – быў вядомы літаратар Кастусь Кірэенка (1918-1988).  І сваім падарожжам з рукзаком і вудаю, са спінінгам паэт і празаік прысвяціў рыбацкую паэму “Вандроўнае шчасце”. Многія  старонкі гэтай кнігі пра Свіслач пухавіцкую.

У гісторыі беларускай дзіцячай літаратуры надоўга застанецца імя празаіка Алеся Пальчеўскага (1905-1979), які нарадзіўся непадалёку  ад Пухавіччыны – у вёсцы Прусінава Уздзенскага раёна. У 30-я гады ён быў рэпрэсіраваны. І толькі ў 1946 годзе, прыехаўшы на Беларусь пасля лагераў, пачаў выкладаць родную мову і літаратуру ў Пухавіцкай сярэдняй школе, стварыў драматычны гурток, уцягнуў у мастацкую самадзейнасць настаўніцкую і вучнёўскую моладзь. У 1949 годзе Алеся Восіпавіча ізноў незаконна асудзілі, выслалі ў Краснаярскі край. І толькі ў 1954 г. пісьменніка рэабілітавалі. Ужо пасля лагерных пакут Алесь Пальчэўскі прыязджаў у Пухавічы на сустрэчу з настаўнікамі і вучнямі.

З 1952 года байкапісец Міхась Скрыпка (1907-1991) працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Турынскай сярэдняй школе. На турынскія гады прыпаў пачатак, росквіт сатырычнага таленту паэта. У 50-х гадах паэт актыўна друкуецца ў “Вожыку”, “Полымі”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Калгасная праўда”, “Піянер Беларусі”. Сюжэты байкапісец відавочна, знаходзіў і ў Турыне, турынскіх ваколіцах.

3

З вёскай Дукорай звязаны лёс паэта Алеся Пісарыка. Хаця ён нарадзіўся ў Мінску, школу закончыў у Дукоры. Потым працаваў у Мар’інай Горцы – у друкарні раённай газеты “Сцяг працы”. Пачынаў пісаць свае вершы ў раённым аб’яднанні “Мар’інка”, якое ўзначальваў. Многія вершы Алеся Пісарыка – пра родную пухавіцкую старонку, пра Дукору і яе ваколіцы.

5

Хазянінкі – недалёкая суседка Дукоры. Хазянінкі – радзіма нашага  пісьменніка-земляка Валянціна Мысліўца. Пісьменнік закончыў Матароўскую сярэднюю школу. Адслужыўшы на флоце, атрымаўшы рабочую закалку, Валянцін Мыслівец стаў журналістам, нарысістам. Яму было пра што расказаць людзям. У многіх кнігах Валянцін  Мыслівец піша пра сваю малую радзіму. Руплівым і ўважлівым быў літаратар і ў дачыненні да гістарычнай памяці Пухавіччыны.

У Пярэжырскай сярэдняй школе у перыяд да 1939 года працаваў настаўнікам вядомы празаік і мовазнаўца Мікола Лобан (1911-1984). Яго трылогія “Шэметы”, магчыма, у некаторых сваіх персанажах утрымлівае і канкрэтныя рысы, вобразы пухаўчан. Дарэчы, перад прыездам у Пярэжыр настаўнічаў Мікола Лобан і ў другім пухавіцкім мястэчку – у Шацку.

“Рудзенская праўда” – гэта прыстанішча паэта, перакладчыка Кастуся Цвіркі. Працаваў ён у Рудзенску пасля 1959 года.

Асаблівая старонка ў літаратурнай біяграфіі Рудзеншчыны, Пухавіччыны  - жыццё, творчасць Хвядоса Шынклера (1903-1943). Пачынаючы з 1919 года Хвядос Шынклер працаваў на чыгунцы тэлеграфістам, пасля – бібліятэкарам, загадчыкам клуба ў Рудзенску. Першае апавяданне надрукаваў у 1928 годзе. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны выдаў шесць кніг. Тройчы творы Хвядоса Шынклера выдаваліся ўжо пасля смерці загінуўшага на фронце пісьменніка. Галоўная тэма прозы – чыгуначнікі, іх жыццё, іх працоўныя клопаты.

У старажытнай вёсцы Азярычына нарадзіўся дзіцячы пісьменнік Пятро Рунец. Сямнаццаць арыгінальных кніжак выдаў пісьменнік. Вельмі шмат перакладаў – з рускай і украінскай, з латышскай і чувашскай. У перакладзе на іншыя мовы выходзілі і кнігі Пятра Рунца. Сапраўдным подзвігам можна назваць працу пісьменніка па складанню кнігі дзіцячых успамінаў пра вайну – “Ніколі не забудзем”. Займаўся гэтым клопатам Пятро Рунец разам з Янкам Маўрам. Уступнае слова  да анталогіі болю напісаў Якуб Колас. “Ніколі не забудзем” вытрымала восем выданняў на беларускай мове, перакладзена на іншыя мовы.

Дудзічы – вось згустак, вось адлюстраванне літаратурнай і мастацкай гісторыі Беларусі другой паловы дзевятнаццатага - пачатку дваццатага стагоддзя.

6

Аляксандр Карлавіч Ельскі – фігура каларытная. Пісьменнік, краязнавец, перакладчык, публіцыст. Ён напісаў некалькі дзесяткаў кніг і брашур, мноства газетных і часопісных артыкулаў. Галоўная ж, відавочна, праца Аляксандра Карлавіча – болей як 10 000 гісторыка-краязнаўчых артыкулаў пра Беларусь для польскіх энцыклапедый. Адметна і тое, што Ельскі быў першым біёграфам Вінцэнта Дуніна-Марцынкевіча, наладжваў кантакты з Францішкам Багушэвічам.

Дзякуючы прадпрымальніку і пісьменніку Яўгену Будзінасу быў пабудаваны музей матэрыяльнай культуры “Дудуткі”. Частымі гасцямі музея з’яўляюцца многія беларускія пісьменнікі.

На старажытную пухавіцкую зямлю неаднойчы завітвалі вядомыя паэты і празаікі Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў, Карлас Шэрман і Сяргей Законнікаў, Анатоль Кудравец і Янка Брыль... І ў гэтым сэнсе таксама множыцца і шырыцца літаратурная біяграфія пухавіцкага краю, адметнай старонкі беларускай зямлі.